
11 чэрвеня 2005 г.
Джэнтльмены з Беларусі
Капэла хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі спачатку скарыла Германію, атрымаўшы Гран-пры аднаго з найбуйных і найпрэстыжных фестываляў, дзе бралі ўдзел 207 хароў з 44 краін, а потым яшчэ і Маскву, выступіўшы там па запрашэнні Фонду Уладзіміра Співакова.
Колькі ні падлічвалі б географы, дзе знаходзіцца цэнтр Еўропы, ён усё роўна будзе перамяшчацца -- не пад уплывам тэктанічных парод, а пад уплывам падзей у культуры і мастацтве. Сфера музычнай культуры сапраўды неабсяжная і не вымяраецца адным "Еўрабачаннем". Таму падчас бліскучай перамогі беларускіх хлопчыкаў харавы цэнтр Еўропы, без перабольшвання, перамясціўся ў Беларусь. Тым больш, што і спявалі яны, у асноўным, беларускія творы: Вольгі Вараб’ёвай, Алены Атрашкевіч, Леаніда Захлеўнага.
Капэла хлопчыкаў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Глушакова ішла да гэтага трыумфу паступова, крок за крокам, беручы прыступку за прыступкай іншых конкурсаў ды фестываляў. І не "пракатвала" ўвесь час адну і тую ж праграму, а да кожнай імпрэзы рыхтавала штосьці новае.
Сёлета, да прыкладу, такім сюрпрызам стала тэатралізацыя праграмы, ператварэнне акадэмічнага харавога выступлення ў своеасаблівае шоу, дзе ёсць месца і відовішчу, і пластыцы, і гумару.
Першае, што кідаецца ў вочы, -- новыя сцэнічныя строі: не толькі класічныя чорна-белыя, у якіх хлопчыкі выконваюць духоўныя песняспевы, але і ў выглядзе гэткага выбітнога мундзіра -- ды з белымі пальчаткамі! Але і гэта яшчэ не ўсё: скінуўшы пінжак, гэты касцюм можна імгненна ператварыць у яркі нацыянальны “прыкід”. Ды яшчэ які каларытны!
Не менш кідкімі, каларытнымі за знешні выгляд сталі падчас выступленняў і змены ў сцэнічных паводзінах. Запрасіўшы Дзмітрыя Качаткова, спецыяліста з Ваеннай акадэміі, хлопчыкаў пачалі навучаць не толькі прыгожым спевам, але і… маршыроўцы -- для выканання, напрыклад, таго жартоўнага маршу, якім з імпэтам дырыжыруе 10-гадовы Уладзіслаў Саковіч, адзначаны ў Германіі залатым дыпломам. Адно толькі глядзець, як ён эмацыйна, з усёй адданасцю кіруе немалым калектывам, -- ужо задавальненне. А калі яшчэ і слухаць! Ды не адзін нумар, што прэтэндуе на ролю гэткай “разынкі”, а суцэльны каскад нумароў, кожны з якіх -- што сапраўдная перліна.
Да кожнага твора, які ўключаецца ў праграму (як, дарэчы, і да кожнага хлопчыка), тут знаходзяць індывідуалізаваны падыход. А галоўнае, усё робіцца з любоўю, натхненнем, з той неўтаймаванай фантазіяй, што бывае, бадай, толькі ў дзіцяча-юначым узросце -- і ў кагосьці застаецца потым назаўсёды.
Узяць тую ж "Лявоніху"! Новую апрацоўку гэтай знакамітай песні (літаральна фальклорнага “хіта”) зрабіла кампазітар Алена Атрашкевіч. Песня трывала ўвайшла ў рэпертуар капэлы. Але раптам...
--Калі з дзіцячай непасрэднасцю задумацца, пра што гэта песня, -- расказвае Уладзімір Глушакоў, -- стане зразумела, што Лявоніха -- спрытная, адораная жанчына, якая імкнецца пазбавіцца прыгнёту свайго мужа -- гэткага “зануды”. У нас гэта тэма трансфармавалася ў тое, як дзеці хочуць пазбавіцца прыгнёту дырыжора-“зануды”.
--Гэта значыць, вас. Так, вы цудоўна разыгрываеце гэткага няўклюду, у якога падае пюпітр, які глядзіць адно сабе пад нос і не заўважае нічога, што робіцца навокал. А дзеці тым часам бяруць ініцыятыву ў свае рукі -- і за вашай спінай з’яўляецца маленькі “самазванец”, рукам якога і падпарадкоўваюцца харысты. Вам ніколі не казалі калегі, што гэта антыпедагагічна?
--Мне шмат чаго казалі, асабліва пасля цяперашняга прыезду з Германіі і Масквы. Маўляў, і спяваем мы фальшыва, і робім усё не так...
--І ўвогуле падобныя паездкі перашкаджаюць навучальнаму працэсу! Ці не так?
Уладзімір Валер’евіч смяецца, а потым працягвае:
--Нават на конкурсе ў Германіі не адразу і не ўсімі былі ўспрыняты нашы новаўвядзенні. Конкурс у Лімбургу праходзіць па 17-ці намінацыях на дзвюх сцэнічных пляцоўках. Адна з іх -- канцэртная зала на 500 гледачоў, другая ж -- спецыяльна пабудаваная для конкурсу так званая “канцэртная палатка” (дзіўнаватая назва, бо ў ёй ажно 4 тысячы месцаў), дзе давялося выступаць і нам. Дык вось, у катэгорыі дзіцячых хароў мы атрымалі вышэйшыя балы за прафесіяналізм саміх спеваў -- і даволі нізкія за свае “паводзіны”, у выніку чаго сталі толькі срэбранымі прызёрамі. Увогуле судзейства там даволі адкрытае: кожны з членаў міжнароднага журы выстаўляе свае балы, якія потым суміруюцца -- усё на аснове простай арыфметыкі, без аніякіх падтасовак і “падводных” каменняў. Да таго ж, удзельнікі маюць права атрымаць лісты з прастаўленымі баламі і, што вельмі важна, пісьмовым тлумачэннем кожнага з членаў журы, чаму ён паставіў менавіта столькі. Калі мы прачыталі, што нам знізілі адзнакі за наш “цырк”, спачатку крыху здзівіліся.
--І было чаму, бо ўся Еўропа імкнецца да сцэнічнай разняволенасці!
--Але гэта -- на канцэртах, а тут усё ж конкурс, і члены журы маглі справядліва меркаваць, што конкурсныя выступленні павінны быць больш стрыманымі, акадэмічнымі. Але мы вырашылі не здраджваць самім сабе -- і ў намінацыі змешаных хароў ужо выступалі, як кажуць, “сабе ў радасць”, не спадзеючыся ні на якое “золата”. Можа, гэта і дапамагло? Бо на змену хваляванню (усё ж краіну прадстаўляем!) прыйшла радасць вольнага, нязмушанага музіцыравання. Бо потым, калі высветлілася, што мы сталі першымі не толькі ў гэтай намінацыі, але і ва ўсім конкурсе, набраўшы максімальную колькасць балаў, трэба было бачыць, як выбухнула звычайна стрымана-халодная нямецкая публіка! Зала проста “раўла ды стагнала”.
--А як нараджаюцца вашы “міні-спектаклі”? Таксама з дапамогай дзяцей?
--Здараецца, само жыццё штосьці падказвае. Аднойчы наш “маленькі дырыжор” забыўся на камертон. Я ўбачыў з-за куліс разгубленыя хлапечыя вочы -- і вынес яго яму, быццам так было задумана. Так нарадзілася ідэя тэатралізаванай, амаль рытуальнай перадачы камертона -- бы сімвала ўлады. Я нават заўважыў, што калі дырыжыруе Уладзік, хор спявае лепей, хлопчыкі неяк мабілізуюцца, становяцца больш уважлівымі, стараннымі.
--Бо разумеюць, што ўжо не перакладзеш адказнасць на дарослых, -- і самі становяцца больш дарослымі. Прызнайцеся, цяжка з імі? Некаторыя бацькі на аднаго хлопчыка рады знайсці не могуць, а ў вас іх -- нават не “Алі-Баба і 40 разбойнікаў”, а ўсе 60.
--Ну, чаму адразу “разбойнікаў”? Хаця па-рознаму бывае. У Маскве, да прыкладу, я толькі і рабіў, што іх падлічваў: не паспеем кроку зрабіць, як хтосьці “згубіўся”, бо навакол столькі новага ды цікавага.
--Самі вінаватыя: прывучылі іх прагнуць новага!
--Гэта і сапраўды наш дэвіз: не забываючыся на старое, ствараць новае.
--Вы і сапраўды прыйшлі ў спевах да амаль недасягальнай гармоніі паміж традыцыяй і наватарствам.
--Прыйшлі ці, можа, яшчэ прыйдзем (шлях да дасканаласці бясконцы), але мы па-ранейшаму шмат працуем над духоўным і класічным рэпертуарам. Бо гэта -- аснова асноў, пачатак пачаткаў і музычнага мастацтва, і, шырэй, культуры. Праз духоўную музыку ўзнікае новае разуменне слова, адчуванне твора як адзінства слова і музыкі. І, у выніку, спасціжэнне таго глыбіннага сэнсу жыцця, што закладаўся на працягу стагоддзяў і перадаваўся ад пакалення да пакалення.
Надзея Бунцэвiч